Кансультацыі для бацькоў

 Кансультацыя для бацькоў "Беларускі фальклор для дзяцей"

Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым дзіцячы фальклор і народныя гульні. Творы вуснай народнай творчасці змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё; на прыкладзе знаёмых вобразаў(кот, гусі, каза), праз нескладаныя сюжэты выхоўвае веру ў дабро, справядлівасць, раскрывае маральна-этычныя погляды беларусаў, дае магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова. Ужо сёння важна звярнуць увагу на выхаванне пачуцця патрыятызму, пазбаўленне комплексаў нацыянальнай прыніжанасці і нігілізму. Гэта задача набывае актуальнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай.

   Спецыфічныя ўмовы двухмоўя патрабуюць асаблівай увагі да авалодання дзецьмі роднай беларускай мовай. Сітуацыя, калі дзеці адначасова чуюць і рускую, і беларускую мовы, садзейнічае аднолькаваму ўзроўню іх ўспрымання, разумення. Улічваючы гэтыя асаблівасці, неабходна, каб дзеці часцей чулі, разумелі, ведалі родную беларускую мову, каб авалоданне правільным беларускім маўленнем ажыццяўлялася ў працэсе арганізаванага навучання.  

     Вызначым мастацкія асаблівасці кожнага віда фальклорных твораў.

Калыханкі – асноўная задача –супакоіць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі. Часцей за ўсё – гэта калыханкі пра ката. Раней, перш чым пакласці дзіця ў ложак ці калыску, туды пускалі ката, каб ён забраў усе чары, а пакінуў толькі цяпло, дабро, прыязнасць.

Забаўлянкі, пацешкі– суправаджаюць пальчыкавыя гульні, гушканне, пацягванне, першыя крокі дзіця, супакойванне, кармленне.

Песні – адносяцца песні дарослых для дзяцей і тыя песні, што выконваюць самі дзеці. Праз песні атрымоўваюць пэўныя ўяўленні аб навакольным свеце, выхоўваецца павага да працы, асуджаецца лянота, абыякавасць. Займальнасць сюжэта, яго дынамічнасць, кампазіцыйная стройнасць спрыяюць вобразнаму мышленню, адначасова дапамагаюць засвоіць пэўныя гукі (прыпевы гой-гой-гой! Люлі-люлі)

Заклічкі – гэта зварот, заклік да сіл прыроды, з’явам, адухаўленне прыроды.

Дражнілкі – лаканічныя, невялікага памеру, высмейваюцца нейкія адмоўныя рысы чалавека ці жывел, дакладна перадаюць пэўную рысу характару.

Лічылкі – прысвечаны для ўстановы чароднасці ў гульнях, выбар вядучага.

Гульні– прасочваецца цесная сувязь з земляробствам, з бытам, з навакольнай прыродай; многія гульні заснаваны на перайманні рухаў, дзеянняў пры пэўных гаспадарчых працах. У некаторыя гульні арганічна ўваходзяць і іншыя творы дзіцячага фальклору – лічылкі, забаўлянкі, калыханкі.

Казкі – універсальны сродак народнай педагогікі; утрымліваюць жыццевы маральны вопыт, народную мудрасць, рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, вучаць адрозніваць добрае ад дрэннага. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, прыгодніцкімі дзеямі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова. Казкі лепш расказваць, чым чытаць, расказваць пранікнене і цікава, гледзячы у вочы дзецям.

Загадкі – у сціслай і дакладнай форме падводзілі вынікі назіранняў за цэлымі групамі жыццевых з’яў, жывел, птушак, вызнаючы іх характэрныя асаблівасці; загадкі служаць разумоваму выхаванню.

Прыказкі – трапнае, лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераносны сэнс. У ёй выказваецца закончаная думка, якая дзякуючы шырокім абагульненням дае ацэнку з’яў, падзей, узаемаадносін паміж людзьмі.

Прымаўкі – характарызуецца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваецца найчасцей у канкрэтнай моўнай сітуацыі, можа быць зразумелай толькі ў кантэксце.

Прыказкі і прымаўкі надаюць мове выразнасць, яскравасць, вобразнасць, садзейнічаюць выхаванню высокіх маральных пачуццяў, перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа.

Літаратура:

1.   Каравайчык, Т.І. / Каб гучала мова дашкалят / Т.І. Каравайчык - Мазыр: Содействие,2010. – 85с.

2.   Лабанава, Г. Крынічнай вадой беларускія словы бруяць / Г. Лабанава // Пралеска. — 2011. — № 1. — С. 4—9.

3.   Хахлова Ж. Яе мы будзем шанаваць / Ж. Хахлова // Пралеска. - 2013. — № 12. — С. 44.

 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Кансультацыя для бацькоў "Тата, мама, давайце гуляць па-беларуску!"

Часцей за ўсе бывае так, ўто дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам або з дачкой рабіць дамашнюю работу па беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.

        Па-першае, калі ваша дзіця наведвае дашкольную установу, то вы павінны ведаць, што, у асноўным, заняткі тут праводзяцца на беларускай мове. Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы і забавы, напрыклад “Свята ураджаю”, “Калядкі”, “Сустракаем вясну” і іншыя, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі. На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі. Вось вам і першая ступень адукацыі маленькіх беларусаў.

        А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове.

          Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце дзіцяці. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.

        На кухні няхай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.

        Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб помніках архітэктуры вашай вёскі, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць дзіцяці размову, калі яно змарылася, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбачыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

        Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцем гульняў па-беларуску.

 

Крыніца: https://xn----8sbek5bgte.xn----8sbafcoeer1c5bfp.xn--90ais/

Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Выказванні і вершы пра Радзіму і беларускую мову

Люблю цябе такой, якая ёсць,

Зямля мая, зямля бацькоў святая, —

Мая слязінка — са святла наскрозь,

Маё прычасце, мой святлісты лёс…

З табой і паміж бедаў я світаю.  

                                    

Якуб Колас: "Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову."

 

Янка Купала: "Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне, душу мне затрэсла пагудкаю новай, ты песень наўчыла мяне".

 

Іван Мележ: "Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ."

 

Змітрок Бядуля: "Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова."

 

Крыніца: http://school20-orsha.by/

 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Памятка для бацькоў "Беларускія сайты па адукацыі, выхаванні нашых дашкалят"

"Вясёлка" - часопiс для дзяцей i iх бацькоў - http://www.veselka.by

"Буся" - чытанка-маляванка для дашкольнікаў - http://www.veselka.by

Народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЕФ- https://kazki.unicef.by

Нацыянальны паэтычны партал, на якiм вы знойдзеце вершы для дзяцей на беларускай мове.- http://www.vershy.ru/category/vershy-dlya-dzyatsei

Казкi беларускiя- http://kazki.by

 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Памятка для бацькоў "Інтэрнэт–рэсурсы па пытаннях бяспекі дарожнага руху"

1. http://mir.pravo.by   - дзіцячы прававы сайт.

2. http://mvd.gov.by - сайт Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у раздзеле УДАІ МУС «Сацыяльная рэклама» размешчаны прафілактычныя відэаролікі, відэафільмы, макеты наглядна-выяўленчай прадукцыі, аўдыёматэрыялы.

На сайце ў раздзеле «Азбука дарожнай бяспекі» размешчаны ПДР і дарожныя знакі для дзяцей, плакаты па ПДР для дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, навучальныя відэафільмы.

3. http://ish.adrive.by  - на сайце размешчаны інтэрактыўныя ПДР, тэсты і гульні, плакаты для дзяцей рознага ўзросту і куток бяспекі.

4. http://pdd.by  - на партале змяшчаюць унікальныя заданні па ПДР для дзяцей рознага ўзросту, інтэрактыўныя праграмы «Юный рэгуліроўшчык», «ПДР для веласіпедыстаў», «ПДР і ЮИД», інфармацыя пра гісторыю ПДР, адміністрацыйная адказнасць за парушэнні ПДР.

5. http://www.dddgazeta.ru/ - інтэрнэт-партал газеты «Добрая Дарога Дзяцінства»

 

 

  Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Памятка для бацькоў "Бяспека вашых дзяцей"

Паважаныя бацькі!

  Падрыхтуйцеся, зрабіце свой дом менш небяспечным пры пажары. Адпрацуйце на практыцы на выпадак пажару план пажарнай эвакуацыі свайго дома. Прадухіліце непапраўнае. Калі гаворка ідзе пра самых маленькіх членах вашай сям'і, памятайце: адна толькі любоў іх не ўратуе. Іх уратуе прымяненне мер пажарнай бяспекі.

      Дзеці і агонь

ФАКТ: запалкі, запальнічкі і іншыя крыніцы агню з'яўляюцца вядучай прычынай смерці ад пажару дзяцей дашкольнага ўзросту. Трэба сказаць, што маляняты самі выклікаюць вялікую колькасць хатніх пажараў, гуляючы з запальніцамі і запалкамі. Дзеці праяўляюць натуральную цікаўнасць да агню, і мы не павінны недаацэньваць іх здольнасць чыркнуць запалкай або запаліць запальнічку.

          Што вы можаце зрабіць:

·  Захоўваеце запалкі і запальнічкі у месцах, недаступных для дзяцей, пажадана ў замкнёнай на ключ скрыні.

·  Навучыце дзяцей казаць вам, калі яны знаходзяць запалку або запальнічку.

·  Памятайце, што нават запальніцы з прыладамі абароны ад запальвання дзецьмі не забяспечваюць поўнай абароны, і захоўваеце іх у бяспечным месцы.

· Калі дзіця праяўляе цікаўнасць да агню або гуляе з агнём, растлумачце яму спакойна і цвёрда, што запалкі і запальнічкі -гэта прадметы для дарослых, з якімі трэба быць асцярожнымі.

·  Ніколі не выкарыстоўвайце запалкі або запальніцы для забавы. Дзеці могуць пачаць пераймаць вам.

· Папярэджвайце пажары, паказваючы дзецям, як варта выконваць правілы бяспекі дома.

·   Не дазваляйце дзецям падыходзіць бліжэй, чым на 1 метр да пліты, калі на ёй рыхтуецца ежа, не перагружайце электрычныя разеткі, штогод правярайце ацяпляльную сістэму.

 

Крыніца: https://ddu257.minskedu.gov.by/

 

  Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Кансультацыя для бацькоў

“Мастацкая дзіцячая цацка”

Беларуская народная цацка мае шматвяковую гісторыю. Спачатку цацка выконвала ахоўную ролю, фігуркі жывёл і людзей надзялілі магічнымі якасцямі,спадзяючыся на іх дапамогу. Забаўляльная функцыя ў цацак з’явілася пазней.

        Многія цацкі – сапраўдныя творы мастацтва, дзе праявіліся багатая фантазія і творчы густ народных майстроў. І як творы мастацтва цацкі маюць вялікія духоўныя і эстэтычныя каштоўнасці, значны гісторыка-культурны патэнцыял. Гэта робіць іх неацэнным матэрыялам у выхаваўча-адукацыйнай рабоце з дзецьмі. Цацкі знаёмяць іх з мастацкай спадчынай беларускага народа, яе лепшымі традыцыямі і ўрэшце рэшт садзейнічаюць фарміраванню патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай свядомасці дзяцей. Традыцыйная цацка з'яўляецца нацыянальным гістарычным помнікам, яна - важны сродак сувязі пакаленняў, праз яе перадаецца сацыяльна-культурны вопыт, выхоўваюцца маральныя і эстэтычныя ўяўленні.

Для вырабу цацак выкарыстоўвалі беларусы разнастайны прыродны матэрыял: гліну, салому, лён, бяросту, шышкі, кару дрэў, жалуды, кавалачкі тканіны.

Асабівую цікавасць выклікаюць драўляныя цацкі. Асновай такой цацкі быў драўляны чурбанок, да якога прымацоўвалі валасы з ільну, твар малявалі вугалем, а вопратку шылі з ласкуткоў тканіны.

        Асартымент традыцыйных цацак адпавядаў самым розным запатрабаванням. Дзяцей рыхтавалі да няпростага і нялёгкага сялянскага жыцця з яго ўкладам і законамі, у якіх знаходзіў стыхійнае ўвасабленне асноўны прынцып народнай педагогікі — працоўнае выхаванне. Пэўныя працоўныя навыкі дзеці атрымлівалі ў рухомых гульнях, дзе праяўляліся іх умельства, вынаходлівасць, назіральнасць. Вельмі яскрава гэта ўвасаблялася і ў гульнях з лялькамі, у якіх знайшлі адлюстраванне і быт вёскі, і сялянская святочная абраднасць, асабліва вясельная. І ў той жа час гэта былі дзіцячыя забавы, у якіх раскрываўся свет дзіцячых інтарэсаў і ўражанняў, дзе дзеці далучаліся да народных абрадаў і традыцый.

Найбольш распаўсюджаны на Беларусі гліняныя цацкі. Фігуркі з гліны адлюстроўвалі хатніх жывёл і птушак: козлікаў, пеўнікаў, бычкоў, конікаў, рабілі таксама свісцёлкі.

Узніклі такія цацкі з развіццём ганчарства ў XI – XIII стагоддзях, аб чым сведчаць раскапаныя фрагменты цацак у Пінску, Гародні. Але больш распаўсюджаны яны былі ў XIX – п.XX ст. На кірмашах і рынках побач з розным гліняным посудам можна было ўбачыць і набыць россыпы рознакаляровых яркіх цацак, якія былі таннай і даступнай забаўкай для дзяцей. Шырока выкарыстоўваліся і самаробныя цацкі, асабліва з шышак. Выраблялі іх адразу ў лесе. Возьмуць шышку, абгорнуць яе пушыстым імхом, перавяжуць траўкай, надзенуць шапку-лісток – і лялька гатова.

 

Крыніца: https://sad24lida.schools.by/pages/pamjatka-dlja-batsko-mastatskaja-dztsjachaja-tsatska

 

  Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Кансультацыя для бацькоў

“Народная цацка ў жыцці дашкольніка”

        Выхаваць свядомага грамадзяніна і патрыёта азначае сфарміраваць у дзіцяці комплекс вызначаных ведаў, асобасных якасцяў і рыс характару:

- патрыятычную накіраванасць, грамадзянскую адказнасць і мужнасць;

- павагу да бацькоў, свайго радаводу, традыцый і гісторыі роднага народа;

-дысцыплінаванасць, працавітасць, творчасць, клопат аб прыродзе і экалогіі роднай зямлі;

- паважлівае стаўленне да культуры, вераванняў, традыцый і звычаяў нашага народа.

 Каб дзеці сталі творцамі свайго лёсу, неабходна, каб яны трывала засвоілі духоўнасць, культуру роднага народа, глыбока пранікліся нацыянальным духам, ладам жыцця і мыслення. Для гэтага неабходна вярнуцца да маральных традыцый выхавання дзяцей: імкненне да дабра і прыгажосці, справядлівасці і праўды. Бо дзіця не нараджаецца маральным ці амаральным, яно паступова становіцца такім у залежнасці ад таго, у якім асяроддзі, у якіх умовах жыве, якое атрымлівае выхаванне. Хрысціянская педагогіка раіць, як мага раней вучыць імкнуцца да праўды і добра, пазбягаць і саромяцца зла і няпраўды, а значыць выхоўваць дзяцей на пачатках справядлівасці і міласэрнасці. Для гэтага дарослым трэба паказваць прыгажосць прыроды, слухаць духоўную музыку, чытаць мастацкія літаратурныя творы, знаёміць з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Таму бацькі павінны стаць прыкладам для малых, рабіць дабро самім і накіроўваць дзяцей на такія ж праявы, як ветлівасць, спачуванне, міласэрнасць.

Выхоўваць духоўныя каштоўнасці трэба з першага года жыцця. Дзеці пазнаюць усё праз гульню і цацкі.

 Цацкі… Дарослыя прывыклі набываць іх у крамах і супермаркетах, а раней выраб цацак быў выдатным рамяством.

Вясной дзеці з асаблівым стараннем майстравалі розныя свістулькі, упрыгожваючы іх рознымі малюнкамі.

 Дзяўчынкі ўмела плялі вянкі, рабілі лялькі. Пад восень, калі з поля збіралі гародніну, дзеці майстравалі пацешныя маскі. Вымалі мякаць з гарбуза, выразалі вочы, нос і рот, а ўнутр устаўлялі свечку. Увечары, як змяркалася, выходзілі на вуліцу.

        У старажытнасці народны каляндар браў свой пачатак з вясны. Даўно людзі пачалі лічыць яйка сімвалам жыцця, прыходу вясны. Таму нашы продкі любілі яго, распісвалі рознымі яркімі фарбамі. Так з'явілася выдатнае мастацтва - пісанкі. У размалёўванні яек заўсёды прымалі ўдзел і дзеці. На пісанках малявалі розныя лініі, кропкі, якія сімвалізуюць бясконцасць свету. У кожнай сельскай сям'і бацькі майстравалі для дзяцей лялькі, бразготкі. Лепшым гасцінцам для дзяцей з базару або кірмашу былі каляровыя цукеркі ці пернікі ў выглядзе пеўнікаў, рыбак, вавёрачак, жаўрукоў.

        Дарослыя ствараюць умовы знаёмства дзяцей з народнай гульнёй і цацкай. Выхаванне юнай душы - сапраўднае мастацтва, якое будавалася на ідэі дабра. А дабро выяўляецца з першымі пробліскамі свядомасці, з першымі ўяўленнямі і думкамі пра навакольны свет. Сухамлінскі пісаў: «Гульня - гэта велізарнае светлае акно, праз якое ў духоўны свет дзіцяці ўліваецца жыватворны струмень уяўленняў, паняццяў. Гульня - гэта іскра, якая запальвае агеньчык дапытлівасці». Падыходзячы да народнай цацкі з педагагічнага пункту гледжання, мы бачым, што яна заснаваная на тонкім веданні псіхалогіі дзіцяці і рознабакова ўздзейнічае на развіццё яго пачуццяў, розуму і характару і інтэлекту.

 

Крыніца: http://doshkolnik.ru/folklor/21853-narodnaya-igrushka-v-zhizni-doshkolnika.html

 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі                                  Ж.М.Шыліна

Замоўная магія беларускай калыханкі

        У замоўную магію калыханак можна не верыць. Але гэта далёка не адзіная нагрузка, якую нясуць гэтыя песенькі. Фактычна, гэта першыя музычныя і вершаваныя творы, якія стала чуе маленькае дзіця, якія даюць яму першыя ўяўленні не толькі пра родную музыку, але і гукавысотныя і рытмічныя ўзаемадачыненні. Нават калі "люленькі" спяваюцца без словаў, мелодыка калыханак, іх інтанацыі арганічна рыхтуюць дзіця да ўспрыняцця і пераймання гукаў і інтанацый матчынай мовы. 

А ты, каток шэры

А ты, каток шэры,

 Ў цябе хвосцік белы.

 Прыйдзі, каток, начаваць

 I дзіцятка калыхаць.

 

 А ты, коцінька-каток

А ты, коцінька-каток,

 Ў цябе шэранькі хвасток.

 Ты прыходзь к нам начаваць,

 Будзеш Янку калыхаць,

 А я шэраму катку

 За работу заплачу -

 Дам гарлачык малака

 I кавалак пірага.

 

Баю, баіньку, баю

Баю, баіньку, баю.

 Не лажыся на краю.

 Не лажыся на краёк,

 Прыйдзе шэранькі ваўчок.

 Цябе схопіць за бачок.

        Калыханкі - адзін з найстаражытнейшых песенных жанраў. Да нашых дзён не толькі ў фальклорных запісах, але і проста ў сямейнай памяці захавалася значна больш калыханак, чым забаўлянак. Магчыма, гэта абумоўлена іх вялікім практычным значэннем (цяжка нешта рабіць па хаце, калі не атрымліваецца ўтаймаваць дзіця), магчыма -дакладнасцю рыфмаў, простым зместам і нескладанай рытмікай верша, якія спрыяюць лёгкаму запамінанню. 

Хадзіў певень па капусце, 

Насіў сон у белай хусце, 

Усім дзеткам прадаваў, 

А Алёшку дарма даў. 

        Або вось гэта: 

А-а, а-а, люлі, 

Каток без кашулі. 

А котачка ў лесе 

Кашульку прынясе. 

Там красёнцы ткала, 

І кудзельку прала, 

На сонцы бяліла, 

На ветры сушыла. 

Кашульку пашыла, 

Катку падарыла... 

        Шмат каму гэтыя караценькія творы могуць падацца занадта прымітыўнымі - як жа, парныя рыфмы, аповед пра штодзённыя заняткі, ды яшчэ ў выкананні хатніх жывёлак - ката, пеўніка...

        Па сутнасці сваёй, калыханка -гэта "сваячка" замовы, твора, які мае ў сабе элементы магіі. У адрозненне ад калыханак некаторых іншых народаў, дзе гэтыя элементы маюць тэкставае выражэнне, у беларускіх калыханках мелодыка замовы сканцэнтравана ў інтанацыі, у самой мелодыі, а не ў змесце верша.1

        Калыханкі - першыя для дзіцяці ўзоры мастацкага слова. Скажаце, занадта высока сказана пра гэткія простыя творы? Аднак не трэба забывацца, што творы гэтыя разлічаны на слухача, для якога кожная рэч - сапраўднае адкрыццё. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых дзіцяці. Сон, дрымота - гэта або нейкія жывыя істоты, або штосьці, што можна памацаць, прынесці ў кошыку ці хустцы (часцей белай): 

        Ходзіць кот па сенажаці, // Кліча сон ён да дзіцяці. // Ой, сонечку-галубочку, // Прыспі маю Ганулечку. 

 

Ходзіць сон каля вакон, // А дрымота каля плота. // І пытае сон дрымоту: // - Дзе мы будзем начаваць? // - Дзе хацінка цяпленька, // Дзе дзетачка маленька, // А мы пойдзем начаваць // І дзяцінку калыхаць. 

        Ходзіць певень па капусце, //Носіць сон у белай хустцы.//Ўсенькім дзецям прадаваў,//А Ганульцы дарма даў. 

 

Хадзіў коцік па плотку, // Збіраючы дрымотку. // Каток з плотку зваліўся // І дрымотку забыўся. А-а, а-а, люлі, // Люлі-люлі-люлі, // А-а, а-а, спаці, // Я буду люляці. 

        Найчасцей героем калыханак бывае кот (котачка). Без ката не абыходзілася ніводная хата, дзе-нідзе ката сапраўды клалі ў люльку, каб пасля дзіцяці ў ёй добра спалася. Яго клічуць, дапамагчы закалыхаць дзіця - каго ж яшчэ прасіць падзяліцца досведам з малянём, як не істоту, якая спіць да 20 гадзін на суткі! 

На каточка вуркотаю, // На дзіцятка дрымотаю. // Прыйдзі, каток, начаваць, // Дзіцятачка калыхаць. // На каточка вурката, //На дзіцятка дрымата. // Засні, засні, ціха спі. 

        - А ты, каток шэры, // Прыйдзі павячэраць, // Будзеш у нас начаваць, // Малу Галю калыхаць.// - Ой, не прыйду, не прыйду, // Я сабакі баюся. // - Я сабаку навяжу, // Лусту хлеба палажу. 

        Аднак коця не толькі закалыхвае дзіця - ён набывае (або знаходзіць) дзіцяці розныя рэчы, дапамагае па гаспадарцы: 

Люлі-люлі, кот шэры, // Ды замяці нашы сені, // Ды замяці нам хатку, // Дам катку заплатку. //Куплю катку боты // Не сваёй работы, // Хоць недарагія - // За два залатыя. 

Пайшоў каток пад масток, // Злавіў рыбку за хвасток. // Ці самому з'есці, // Ці малой аднесці? // А я разок укушу // І маленькай аднясу. 

        А часамі коцік і шкодзіць: 

Скочыў каток у куток 

І скраў нітак маток. 

А ты коце-варкоце, 

Чаго сядзіш на плоце? 

Ой, будзем ката біці, 

Нашто ўкраў нам ніці, 

Ой, зажэнем, зажэнем да гумна малаціці, 

Лапкамі заграбаці, 

А хвастом замятаці. 

        Праўда, гэтыя шкоды яму больш-менш прабачаюць. Па-сапраўднаму кату дастаецца тады, калі ён перашкаджае дзіцяці спаць, ад чаго яго перасцерагаюць: 

Люлі-люлі, коцік, 

Не хадзі, па плоце, 

Не хадзі па печы, 

Буду біці ў плечы, 

Не хадзі, па лаўцы, 

Буду біці па лапцы. 

Не тапчы падушкі, 

Буду драці за вушкі, 

Не хадзі па хаце, 

Не будзі дзіцяці... 

        Але значна часцей ката крыўдзяць дарэмна: 

        А-а-а, каточак, 

Злізаў бабчын мядочак. 

Сама бабка злізала 

На катка сказала. 

        А яшчэ ён часамі падае з печы, яму аб'ядаюць хвосцік мышы, у яго адбіраюць лапцікі, анучы, паясок, каб аддаць дзіцяці... Карацей, таварыства абароны правоў жывёлаў у нашых вёсках яўна не дзейнічала. Аднак на гэтым пералік сумных здарэнняў у беларускіх калыханках збольшага сканчваецца. Нават няўдачы ката ці верабейкі падаюцца ў жартоўнай форме, з'яўляюцца для малога першымі (разам з забаўлянкамі) узорамі гумару. Калыханкамі не палохаюць дзіця, у іх адсутнічае страшная фантастыка, што гэтак часта сустракаецца ў казках. Нават "шэранькі ваўчок, што ўхопіць за бачок" у беларускія калыханкі прыходзіць вельмі рэдка. Замест гэтага, каб дзіця не клалася "на краю", прыводзяцца лагаднейшыя аргументы: А то з краю упадзеш, // Ручку, ножку разаб'еш...або Прыйдзець шэранькі каток, // Драпнець Янку за бачок. 

        Дый паглядзіце на герояў калыханак. Акрамя ката, у іх сустракаюцца гулі (галубы), куры, певень, конік, цяляты, зайчык, верабей... Галубы - сімвал пяшчоты, чысціні, акрамя таго, магчыма, вуркатанне гэтых шчадралюбных птушак, як і вуркатанне ката, нейкім чынам асацыявалася з закалыхваннем. Усе астатнія вобразы - таксама рэальныя, блізкія, з ліку тых, з якімі малое сустракалася вельмі рана. (Гэта цяпер паспрабуй адшукай жывога пеўня ці зайца, каб паказаць гарадскому дзіцяці...) Адбор лексікі таксама вельмі дакладны. Прагрэсіўныя мамы могуць мне нагадаць, што сучасныя лагапеды не рэкамендуюць чытаць вельмі маленькім дзецям творы, перанасычаныя памяншальна-ласкальнымі варыянтамі словаў. У калыханках прысутнічае вялікая колькасць словаў з памяншальнымі суфіксамі, але яны ў большасці сваёй аднатыпныя: каток, лясок, мядок, малачко, лапкі, а варыянты кшталту "вачаняты" (што маё дзіця дагэтуль спявае як "качаняты") не сустракаюцца. Таму калыханкі не перашкаджаюць развіццю мовы дзіцяці, а наадварот, спрыяюць развіццю як кругагляду, так і слоўнікавага запасу маленькага чалавечка. 

        Гулі, курачкі апякаюць маляня, прыносяць падарункі, гадуюць, забаўляюць. А часамі і дзіця таксама частуе сваіх апекуноў: 

        Люлі-люлі-люлі, // Прыляцелі гулі, // Селі на варотах // У чырвоных ботах, // Сталі гуркатаці. // А чаго ж вам даці? // Ці ячменю жменю, // Ці гароху троху, // Ці жыта карыта, // Ці бобу каробу? 

        Люлі-люлі-люлі, // Прыляцелі куры, / Селі на варотах // У чырвоных ботах, // Сталі сакатаці. // Няма чаго даці. // Трэба даць ім грэчкі, // Каб неслі яечкі. // Куркі грэчкі не ядуць // І яечак не нясуць. 

        Здараецца, што ў калыханках згадваюцца і болей сур'ёзныя рэчы: Люлі-люлі-люлясі, // Пабіліся два Ясі. // За якую прычыну? // За пекную дзяўчыну. 

        А-а, люлі, // Не маю кашулі. // -- Чаму не напрала? // -- Лёньку калыхала. // -- Чаму не пашыла? // -- Лёнечку насіла. 

        Часта маці спалучала закалыхванне дзіцяці з нейкай іншай працай, напрыклад, сядала прасці. Тады рытм калыханкі прыстасоўваўся да рытму працы: 

Люлі-люлі люляшу, 

Я дзіцятка калышу, 

Нітачку звіваю, 

Песеньку спяваю. 

Што выведу нітку 

Камару на світку 

Астануцца кончыкі 

Камару на штончыкі. 

        Мама можа мяняць тэмп спеву таксама ў залежнасці ад настрою дзіцяці: больш энергічна ды гучна закалыхваюць дзіця, гатовае расплакацца, павольней, цішэй, лагодней - малое, што амаль ужо заснула. Аўтарскія калыханкі паддаюцца гэткім зменам цяжэй: паспрабуйце праспяваць у паскораным тэмпе "Спи, моя радость, усни!"... 

        Чаму ж большасць маладых беларускіх мам гэтак рэдка спявае сваім дзеткам народныя калыханкі? Звычайна адказваюць: няма часу, не ведаем словаў, не ведаем музыкі, майму малому яны не падабаюцца і да т. п. Прычым зазвычай усе гэтыя рэчы згадваюцца ў комплексе. Адзіны сапраўды смешны аргумент - гэта адсутнасць часу. Паспрабуйце заўважыць па гадзінніку, колькі ў вас часу сыходзіць на тое, каб закалыхаць малое без песні. Калі дзіця засынае каля вашых грудзей - гэта можа быць і пяць хвілін, і менш, я згодная. Але ў іншым выпадку песенька толькі дапаможа скараціць час, што сыходзіць на закалыхванне. І нават, што датычыць груднічка - што вы будзеце рабіць, калі адвучыце дзіця ад груднога малака? 

        Ваша дзіця не любіць калыханак? Няма маленькіх дзетак, якія не любяць музыку! Хутчэй проста ў вас пакуль не атрымалася знайсці "сваю" калыханку. Спрабуйце розныя мелодыі, мяняйце тэмп, як гэта рабілі нашы бабулі. Вы лічыце, што ў вас няма голасу, слыху, музычных здольнасцяў? Калі наспеўваць ціха, іншыя сямейнікі гэтага не заўважаць, а для дзіцяці ваш спакойны голас - у любым выпадку найлепшая музыка. Або можна проста спяваць-распавядаць калыханку рэчытатывам. 

Немаўляты ў асноўным "выбіраюць" пэўную мелодыю, само гучанне калыханкі, словы для іх маюць менш значэння, часамі дастаткова чатырохрадковай песенькі з паўторамі. Але па-першае, вам самім надакучыць паўтараць ў кола адно і тое ж, а па-другое, выхаванне і развіццё інтэлекту дзіцяці пачынаецца з моманту нараджэння, а што калыханкі гэтаму спрыяюць, думаю, вы пераканаліся.Калі ваша дзіця прывучылася засынаць пад нейкую пэўную мелодыю, вы можаце нанізваць на яе тэксты іншых калыханак - нашы продкі таксама гэтак рабілі. Можаце наспеўваць нават нейкія дзіцячыя вершыкі. Пасля, чытаючы малечы гэтыя вершыкі ўжо з кнігі, будзеце радасна дзівіцца, чаму ваша дачушка гэтак добра і хутка іх запамінае. Дзеткі старэйшага ўзросту прывязваюць больш увагі да словаў, ім падабаюцца больш доўгія сюжэтныя калыханкі. 

Калі вам больш падабаецца матыў, на які вы звычайна спяваеце люлі-люлі цяпер, і вы проста хочаце далучыць да яго словы, няма бяды. Наўрад-ці гэта тры блатныя акорды. Хутчэй за ўсё, гэта таксама мелодыя, выцягнутая з глыбіняў падсвядомасці. І нават калі вы не верыце ў сілу калыханак - галоўнае, што яны дзейнічаюць. Так што спявайце на здароўе. Салодкіх сноў і добрага здароўечка вашаму маляняці! 

 СПЯВАЙЦЕ ДЗЕЦЯМ ПЕРАД СНОМ! СПЯВАЙЦЕ, ЯК МОЖАЦЕ. НА ЛЮБЫ МАТЫЎ, ЗРУЧНЫ ДЛЯ ВАС. ГАЛОЎНАЕ - З ЛЮБОЎЮ. НЯХАЙ ВАШЫ ДЗЕЦІ ТАКСАМА ВЫВУЧАЦЬ КАЛЫХАНКІ, ПЕСНІ І БУДУЦЬ СПЯВАЦЬ СВАІМ ЛЯЛЬКАМ. ГЭТА ІМ СПАТРЭБІЦЦА, КАЛІ ЯНЫ САМІ БУДУЦЬ МАМАМІ І ТАТАМІ. 

 

Крыніца: https://nsportal.ru/detskiy-sad.

Выхавальнік                              Ж.М.Шыліна

 

 

 Роля беларускай кнігі ў развіцці дашкольнікаў

        Дарослы ведае, што кніга не толькі вучыць, развівае і выхоўвае дзіця, яна абуджае ў маленькім чалавеку самыя разнастайныя творчыя пачаткі, яна дапамагае дзіцячай фантазіі здабыць багатую вобразнасць і ўнутраны сэнс.

        Дзіця не можа не гуляць, не выдумляць, не складаць. Гэта непазбежна, гэта яго спосаб пранікнення ў рэальную рэчаіснасць. Але што менавіта ён выдумляе? Як складае і чаму складае менавіта гэта? Якія маральныя і эстэтычныя прычыны праяўляюцца ў дзіцячай гульні, якая патроху, часцяком незаўважна для самога дзіцяці, становіцца яго сапраўдным жыццём? Свет чытання, свет кнігі з яе літаратурнымі і графічнымі выявамі, дапамагае даросламу насыціцца і накіраваць дзіцячае ўяўленне. Кніга падае дзіцяці прыклад творчасці, прыклад творчага стаўлення да рэальнага часу. Менавіта тут, на кніжнай старонцы, малыя сустракаюць ўпершыню гарманічнае адлюстраванне рэчаіснасці. Кніжка распавядае самае галоўнае, паказвае самае прыгожае.

        Ёсць у дзіцячай літаратуры розныя кнігі: вясёлыя і сумныя, але яны заўсёды жыццесцвярджальныя. Таму дзеці не могуць не любіць кнігу, таму радуюцца кнізе, як святу. А дарослыя павінны падрыхтаваць гэтую радасць, дапамагчы дзіцяці зразумець, адчуць кнігу ва ўсёй яе паўнаце.

   Да нейкага ўзросту дзеці жывуць у казцы, як раўнапраўныя члены казачнага свету. І гэта натуральна, таму што казка блізкая і сугучная іх светаадчуванню. У самым пачатку жыцця яна сустракае дзяцей фантастычнымі вобразамі, займальнымі прыгодамі, маляўнічасцю і яркасцю свайго свету. Уся гэтая свежасць, чысціня, напеўнасць, гарманічная цэласць казкі служаць для маленькіх першым штуршком да развіцця фантазіі, мыслення, творчасці. Прастата і прыгажосць казачных герояў і іх учынкаў неабходныя дзіцячай свядомасці як першае адлюстраванне свету, сапраўдных чалавечых адносін у чыстым люстэрку сапраўднага мастацтва.

 

        У кожнай казцы пракладзеная мяжа паміж Дабром і Злом. Яны непрымірымыя ворагі, яны знаходзяцца ў адвечнай барацьбе. І ў гэтым проціборстве заўсёды перамагае Дабро, заўсёды перамагае справядлівасць. Гэтая ідэя перамогі Дабра над Злом заўсёды пераканаўчая, таму што выношвалася і нараджалася разам з узнікненнем свядомасці людзей і ўдасканальвалася разам з яго развіццём, таму што працятая верай і надзеяй ўсяго чалавецтва ва ўрачыстасць добрых спраў. А вера гэтая падмацавана часам. Менавіта таму такая моцная казка і менавіта таму дзеці так вераць у яе. У амаль любой народнай казцы ўсё падпарадкоўваецца толькі дасканалым законам чалавечага быцця, тым ідэалам, якія прайшлі праверку многіх пакаленняў людзей, выкрышталізаваліся, сталі агульначалавечымі. І дзецям лёгка прыняць гэтыя ідэалы, лёгка пагадзіцца заканамернасцю.

        Вельмі важна для дзяцей, што ў казцы герой, які ўвасабляе дабро, заўсёды станоўчы. Гэта ці непераможны волат, які абараняе свой народ, ці проста чалавек, які перамагае зло розумам, мудрасцю і знаходлівасцю. У любым выпадку станоўчага героя адрозніваюць розум, прыгажосць, умелыя рукі, альбо добрае чараўніцтва, а адмоўнага зло, пачварнасць і падступнасць. Таму дзеці любяць казачных герояў, вераць ім і пераносяць гэтую веру і любоў са свету казачнага ў свет рэальны.

        Дзякуючы казцы, дзеці пачынаюць ўсведамляць найгалоўнейшыя ісціны чалавечага жыцця. Казка дапамагае фармаваць асновы маральнасці, маралі, па законах якой ім трэба будзе жыць. Тая самая простая, найпростая казка, якую мы, стаўшы дарослымі, пачынаем лічыць дзіцячай забавай.

        Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачыталі!

 

        МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА І ТВОРЫ ФАЛЬКЛОРУ

  Беларускія народныя песенкі і пацешкі твораў беларускіх пісьменнікаў

У. Юрэвіч. "Бярозчыны валёнкі"; А. Кобец-Філімонава. "Сем мастакоў"; Я. Брыль. "Жыў-Быў вожык", “Курачка-Рабка”, “Былінка і верабей”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха”, “Муха-пяюха”, “Коцік, пеўнік і лісіца”.

                                              Творы беларускіх паэтаў

Т. Кляшторная “Ветлівыя словы”, “Шпак”, “Дожджык”, “Паўцякалі цацкі”, “Не сквапная”; В. Рабкевіч “Едзе восень”; С. Сокалаў-Воюш “Блакіт нябёс”, “Алоўкі”, “Елка”; А. Дзеружынскі “Пралеска”; А. Прохараў. “За адвагу”; Я. Колас ”Сонца грэе, прыпякае”, “Храбры певень”; Я. Купала “Лістапад”; Я. Журба “Першыя сняжынкі”, “Дзед Мароз”; З. Бядуля “Мае забавы”; М. Хведаровіч “Свеціць, як сонца, ад самай калыскі”; Л. Пранчак “Завіруха”; Э. Агняцвет “Маме”; А. Бадак “Мышка”, “Беларусачка”; С. Грахоўскі “Сонечная сцежка”; А. Грачанікаў “Сон”; Л. Рашкоўскі “Я хачу салдатам стаць”; К. Цвірка “Коцікі”; В. Лукша “Вясёлка”.

 

Крыніца:  Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі для ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання

 

Выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Шыліна Жанна Мікалаеўна

Выхаванне любові да роднага краю і яго гісторыі

Патрыятызм – гэта пачуццё любові да Радзімы. Духоўны, творчы патрыятызм трэба прывіваць з ранняга дзяцінства. Але падобна любому іншаму пачуццю, патрыятызм жыве самастойна і перажываецца індывідуальна. Ён прама звязаны з асабістай духоўнасцю чалавека, яе глыбінёй. Таму, не будучы патрыётамі самі, педагогі і бацькі не змогуць у дзіцяці абудзіць пачуццё любові да Радзімы. Менавіта абудзіць, а не навязаць, так як у аснове патрыятызму ляжыць духоўнае самавызначэнне.

У дзіцячыя гады фарміруюцца асноўныя якасці чалавека, таму важна насычаць успрымальную душу дзіцяці ўзвышаннымі чалавечымі каштоўнасцямі, зарадзіўшы цікавасць да гісторыі Беларусі. Выхаванне пачуцця патрыятызму ў дашкольнікаў – крапатлівая праца, якая павінна весціся сістэматычна, планамерна, ва ўсіх узростах, розных відах дзейнасці і ў розных напрамках. Вялікае значэнне ў патрыятычным выхаванні мае сумесная разнастайная дзейнасць бацькоў і выхавальнікаў.

Быць патрыётам - гэта не толькі ведаць і любіць сваю Радзіму, але і актыўна працаваць на яе карысць. Для гэтага патрэбна выкарыстоўваць мэтавыя экскурсіі, гутаркі, чытаць мастацкую літаратуру, удзельнічаць у беларускіх святах.

Адукацыйная дзейнасць у дашкольнай групе з дзецьмі  праводзіцца з выкарыстаннем экспанатаў беларускай хаткі (маслабойка, прас, куфар, збан). Эфектыўным сродкам з’яўляецца выкарыстанне мастацкіх матэрыялаў (вышыванкі, выцінанкі, вырабы з саломкі).

Правядзенне з дзецьмі народных гульняў аказвае важную ролю ў патрыятычным выхаванні. У іх адлюстроўваецца лад жыцця людзей, іх праца, побыт, нацыянальныя асновы. Народныя гульні, маючы маральную аснову, вучаць дашкольнікаў шукаць гармонію з навакольным светам. Беларускія народныя гульні садзейнічаюць працэсу разумення і авалодвання беларускай мовай, выкарыстанню трапных выразаў у паўсядзённым жыцці.

        Вось некалькі гульняў, ў якія можна пагуляць дома: ,,Браднік”, ,,Мак”, ,,Мароз”, ,,Чараўнік”.

У малодшым і сярэднім дашкольным узросце асаблівую ўвагу трэба надаваць развіццю ўяўленняў аб блізкім сацыяльным асяроддзі.

Асноўнымі метадамі патрыятычнага выхавання ў малодшай групе выступаюць:

-арганізацыя жыццёвых і гульнёвых сітуацый, якія даюць магчымасць асвойваць вопыт добразычлівых адносін да блізкіх, дарослых;

-інсцэніровак з цацкамі, якія дэманструюць узоры узаемаадносін у дзіцячым садзе і ў сям’і;

-назіранне за ўзаемаадносінамі дарослых у дзіцячым садзе;

-хараводныя гульні, гульні-імітацыі;

-чытанне вершаў, пацешак, казак на тэму дабрыні, любові да бацькоў;

-разгляд ілюстрацый, сюжэтных малюнкаў з выявай сям’і, прапанаваць назваць членаў сям’і, іх дзеянні, вылучыць агульны радасны настрой;

-разгляд сямейных фотаздымкаў.

У старшай групе далучайце дзяцей да размовы аб сям’і, сямейных падзеях. Разглядаючы сямейныя фотаздымкі, звяртайце увагу на рысы іх падабенства з бацькамі. Расказвайце, што ў сям’і ўсе клапоцяцца адзін пра аднаго.

 Захапляюць дзяцей гульні на сямейныя тэмы, дзе разыгрываюцца розныя сюжэты з жыцця: ,,Наш выхадны”, ,,Наша гаспадарка”.

Пры знаёмстве дашкольнікаў з гісторыяй родных мясцін неабходна шмат расказваць, таму пры складанні апавядання звяртаем увагу на такія моманты:

-у ходзе аповеду неабходна выкарыстоўваць наглядны матэрыял (фотаздымкі, рэпрадукцыі карцін, схемы);

-складаючы апавяданне, трэба задаваць дзецям пытанні, неабходныя для развіцця актыўнай пазнавальнай дзейнасці, вучаць разважаць. У гэтым выпадку аповед выхавальніка ператвараецца з маналога ў своеасаблівую гутарку з дзецьмі;

-распавядаючы аб якіх-небудзь гістарычных падзеях, не варта часта ўжываць даты, т. як у дашкольным ўзросце дзецям недаступная храналогія. Але, каб дзеці зразумелі, што падзеі адбываліся даўно, варта ўжываць такія выразы «гэта было вельмі-вельмі даўно», «гэта было тады, калі вашы таты і мамы былі маленькімі» і г. д.;

-мова апавядання павінна быць простай. Калі ў рассказе сустракаюцца незнаёмыя словы, напрыклад: «князь», «палкаводзец», варта растлумачыць іх значэнне.

У працэсе знаёмства дзяцей з выдатнымі мясцінамі роднага краю, патрэбна расказваць аб розных архітэктурных збудаваннях, храмах. У гэтым выпадку, досыць вылучыць тое галоўнае, што адрознівае той ці іншы будынак ад іншых. Цяпер да нас паступова вяртаецца нацыянальная памяць, і мы па-новаму пачынаем ставіцца да старадаўніх святаў, традыцый, фальклору, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Шырока выкарыстоўваюцца  ўсе віды фальклору (казкі, песні, прыказкі, прымаўкі і г. д.). У вуснай народнай творчасці, як нідзе захаваліся асаблівыя рысы беларускага характару, уласцівыя яму маральныя каштоўнасці, уяўленні пра дабро, прыгажосць, праўду, смеласць, працавітасць.

Вялікую ролю ў далучэнні дзяцей да народнай культуры займаюць народныя святы і традыцыі, у якіх адлюстроўваюцца назапашаныя стагоддзямі назіранні за характэрнымі асаблівасцямі пор года, зменамі надвор’я, паводзінамі птушак, насякомых, раслін, звязаныя з працай і рознымі бакамі грамадскага жыцця чалавека.

Вельмі важна пазнаёміць дзяцей з народным дэкаратыўным роспісам, здольным зацікавіць дзяцей нацыянальным выяўленчым мастацтвам.

Выкарыстоўваючы прапанаваныя метады патрыятычнага выхавання, неабходна паказаць дзецям прыгажосць свайго роднага краю, пазнаёміць з талентам беларускага народа, навучыць дзяцей любіць сваю вёску, сваю краіну і ганарыцца тым, што яны жывуць у такой цудоўнай краіне, як Беларусь.

 

Крыніца: сайт https://planetabelarus.by/sights/natsionalnaya-biblioteka-belarusi

Выхавальнік дашкольнай адукацыі  вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі  Шыліна Жанна Мікалаеўна

Кансультацыя для бацькоў "Ветлівае дзіця"

Вежливость - это одно из тех качеств, которое можно оценить по достоинству, лишь испытав неудобство от его отсутствия.

 С. Джонсон 

    Прыемна мець справу з ветлівым чалавекам, але яшчэ прыемней разумець, што такім з’яўляецца ваша дзіця. Культурнае і выхаванае дзіця – мара ўсіх бацькоў. Асабовы прыклад –адзін з асноўных метадаў выхавання ветлівага дзіцяці. Дзеці, як губка, усё ўпітваюць у сябе! У тым ліку і паўсядзённыя паводзіны бацькоў, іх стыль зносін і ўчынкаў. У вашай сям’і прынята размаўляць на павышаных танах, рашаць праблемы крыкам, а не з дапамогай просьбаў і дамоў? Тады высокая верагоднасць таго, што і дзіця вырасце невыхаваным і грубым. Нават калі вы навучыце яго гаварыць словы ветлівасці і прачытаеце некалькі кніжак пра добрыя манеры, асаблівага выніку не будзе. А вось калі дзіця расце ў атмасферы любові і ўзаемаразумення, бачыць, як маці і бацька вітаюцца з суседзямі, дапамагаюць старэйшым і не забываюць гаварыць словы ўдзячнасці дома, не сумнявайцеся – яно скапіруе гэтую манеру паводзін. У гэтым выпадку і “чароўныя “ словы з’явяцца ў мове дзіцяці рана. Гэтыя словы з’явяцца самі па сабе, без чытання лекцый. І на пытанне “Як вы змаглі выхаваць дзіця такім ветлівым?” бацькі альбо адкажуць, што яно “як бы само” такім стала, альбо скажуць “мы самі так сябе паводзім, таму і дзіця за намі цягнецца”. Дзіця з цягам часу зразумее, якія і калі вымаўляць словы, як вясці сябе з аднагодкамі і дарослымі, як паступіць так, каб не нашкодзіць іншым. Аднак правілы паводзін тлумачыць дзіцяці ўсё-такі патрэбна. Завучыць ветлівыя словы – не значыць стаць ветлівым. Трэба яшчэ навучыцца прымяняць іх да месца. Бываюць такія кур’ёзы. Напрыклад, суседскі хлопчык ветліва з вамі павітаўся і прапусціў вас уперад. А затым з шумам адабраў у вашага дзіцяці цукерку і ўцёк. Наўрад ці вы будзеце лічыць яго ветлівым пасля гэтага. Вельмі важна, каб ветлівасць для вашага дзіцяці стала не абавязалаўкай, не навязанай роляй, а вобразам жыцця. Для гэтага трэба не завучваць правілы паводзін – дастаткова выконваць іх у розных жыцёвых сітуацыях.

Растлумачце дзіцяці значэнне выразу “паступай з іншымі так, як хочаш, каб паступалі з табой” . Прасіць прабачэння не трэба баяцца! Вучыце дзіця прасіць прабачэння, таму што ў жыцці бываюць розныя сітуацыі: незнарок нехта піхнуў, наступіў на нагу. З кім не здараецца? Галоўнае - дастойна выйсці з сітуацыі. “Прабачце” – як раз тое слова, якое дапаможа гэта зрабіць. Падобнае правіла павінна дзейнічаць і ў адносінах да дзіцяці. Калі вы не правы, папрасіце ў дзіцяці прабачэння і прыласкайце яго. Просячы прабачэння, мы як бы бяром на сябе адказнасць за дрэнны ўчынак, а словы, якія мы для гэтага выкарыстоўваем, дапамагаюць выправіць сітуацыю да лепшага.

Не расказвайце дзіцяці аб правілах паводзін на дарослай мове. Лепшыя памочнікі – гэта гульні, вершы, казкі. Пасля таго, як вы прачыталі верш ці казку, абмяркуйце з дзіцем сюжэт, паводзіны станоўчых і адмоўным герояў, а таксама запытайцеся, як бы дзіця паступіла на іх месцы. Дзіцячыя кнігі ў асноўным вучаць дзяцей такім жыццёвым каштоўнасцям, як дабрыня, дружба, паразуменне і ветлівасць.

Цудоўна дапамогуць разабрацца ў жыццёвых сітуацыях і ролевыя гульні. Пагуляйце з дзіцём, нібы вы ў транспарце, на дзіцячай пляцоўцы, у гасцях ці ў бальніцы. Ці прыдумайце казачны сюжэт з яго любімымі мультыплікацыйнымі героямі, дзе будзе разыграна нестандартная сітуацыя. А затым разам абмяркуйце, чаму дрэнна паводзіць сябе і быць невыхаванным – недапусціма.

Калі вы хочаце, каб ваша дзіця вырасла ветлівым і добрым чалавекам, прытрымлівайцеся некаторых правілаў:

Размаўляйце без крыкаў і грубых слоў, асабліва пры пастаронніх.

Лепей адзін на адзін з дзіцем растлумачце яму, чаму ён быў не праў.

Не зневажайце годнасць дзіцяці.

Цікаўцеся яго меркаваннем, жаданнямі.

Старайцеся не рабіць пастаянна заўвагі.

Адабрайце добрыя паводзіны і самастойнасць.

Не забывайце хваліць за “чароўныя” словы і добрыя паступкі. 

Навыкі ветлівага і выхаванага чалавека:

Ветліва прасіць, дзякаваць і прасіць прабачэння.

Вітацца і развітвацца.

Не лезці ў чужыя размовы без прычыны.

Улічваць просьбы і пажаданні іншых людзей.

Выконваць правілы этыкету за сталом.

Быць апратным і сачыць за асабовай гігіенай.

Выконваць правілы паводзін ў грамадскіх месцах. Напрыклад, уступаць месца старэйшым, не смяціць на вуліцы, не тыкаць пальцам на акружаючых і інш. 

Дзякуючы такім простым парадам, дабразычлівай атмасферы ў сям’і і ўзаемапаразуменню ваша дзіця абавязкова вырасце ветлівым і добрым чалавекам. 

 

Крыніца: https://nsportal.ru/detskiy-sad.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Шыліна Жанна Мікалаеўна