1 верасня – Дзень ведаў

01.09.2022

Дзень ведаў - гэта заўсёды цёплае, па-асабліваму хвалюючае свята для ўсіх, хто прыходзіць вучыцца, атрымліваць новыя і новыя веды. У гэтую вераснёўскую раніцу свае віншаванні навучэнцам, настаўнікам і бацькам нашай школы адрасавалі госці свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клецкага раённага выканаўчага камітэта Чалык Святлана Аляксандраўна, метадыст Дзяржаўнай установы адукацыі «Клецкі метадычны кабінет» Церах Вольга Пятроўна, кіраўнік справамі Галынкаўскага сельскага Савета Шылко Марына Іванаўна. Школьную сям'ю папоўнілі сем першакласнікаў, для якіх празвінеў самы першы ў іх жыцці званок і пачалася адказная школьная пара, поўная радасцяў, адкрыццяў.

Для ўсіх вучняў прайшоў першы ўрок «Гістарычная памяць - шлях у будучыню». Любоў да Беларусі, сваёй малой радзімы, роднай прыроды і Айчыны, словы падзякі вучняў за шчаслівае дзяцінства, гонар за гістарычнае і гераічнае мінулае сваёй роднай краіны - асноўныя матывы, якія гучалі на гэтым занятку.