Выхаванцы аздараўленчага лагера "Вандроўнікі" прынялі ўдзел у адзіным дні інфармавання «ШАГ»

01.07.2021

1 ліпеня 2021 года ў рамках адзінага дня інфармавання «ШАГ - Школа Актыўнага Грамадзяніна» выхаванцы аздараўленчага лагера «Вандроўнікі» прынялі актыўны ўдзел у адкрытым дыялогу па тэме «Незалежная і квітнеючая Беларусь. Мы зрабілі гэта разам». У ходзе рэалізацыі ШАГа 1 увазе рабят былі прадстаўлены відэаматэрыялы праекта «Зроблена», з якіх дзеці даведаліся пра этапы станаўлення суверэннай Беларусі, вынікі і дасягненні нашага народа.

У ШАГу 2 дзяўчынкі і хлопчыкі  абмеркавалі атрыманую інфармацыю. Кожны ўдзельнік адкрытага дыялогу выказаў сваё бачанне сучаснай Беларусі.

Актыўны ўдзел у абмеркаванні тэмы прыняла ганаровая госця мерапрыемства, Булат Зоя Аляксееўна, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі, дэпутат Клецкага раённага савета дэпутатаў па Галынкаўскім выбарчым участку. Яна распавяла дзецям пра тое, які ўклад у развіццё і росквіт Беларусі ўносяць жыхары нашага сельскага савета і Клецкага раёна.

За ШАГ 3 былі падведзены вынікі сустрэчы, кожны ўдзельнік дыялогу выказаўся пра актуальнасць праведзенай размовы.

Пасля абеду хлопчыкі і дзяўчаты прынялі ўдзел у працоўнай акцыі "Абеліск": акультурвалі тэрыторыю брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у аграгарадку Галынка. Усе рабяты папрацавалі на славу, а выдатнае надвор'е спрыяла бадзёраму настрою і працаздольнасці.