Замоўная магія беларускай калыханкі
У замоўную магію калыханак можна не верыць. Але гэта далёка не адзіная нагрузка, якую нясуць гэтыя песенькі. Фактычна, гэта першыя музычныя і вершаваныя творы, якія стала чуе маленькае дзіця, якія даюць яму першыя ўяўленні не толькі пра родную музыку, але і гукавысотныя і рытмічныя ўзаемадачыненні. Нават калі "люленькі" спяваюцца без словаў, мелодыка калыханак, іх інтанацыі арганічна рыхтуюць дзіця да ўспрыняцця і пераймання гукаў і інтанацый матчынай мовы.
А ты, каток шэры
А ты, каток шэры,
Ў цябе хвосцік белы.
Прыйдзі, каток, начаваць
I дзіцятка калыхаць.
А ты, коцінька-каток
А ты, коцінька-каток,
Ў цябе шэранькі хвасток.
Ты прыходзь к нам начаваць,
Будзеш Янку калыхаць,
А я шэраму катку
За работу заплачу -
Дам гарлачык малака
I кавалак пірага.
Баю, баіньку, баю
Баю, баіньку, баю.
Не лажыся на краю.
Не лажыся на краёк,
Прыйдзе шэранькі ваўчок.
Цябе схопіць за бачок.
Калыханкі - адзін з найстаражытнейшых песенных жанраў. Да нашых дзён не толькі ў фальклорных запісах, але і проста ў сямейнай памяці захавалася значна больш калыханак, чым забаўлянак. Магчыма, гэта абумоўлена іх вялікім практычным значэннем (цяжка нешта рабіць па хаце, калі не атрымліваецца ўтаймаваць дзіця), магчыма -дакладнасцю рыфмаў, простым зместам і нескладанай рытмікай верша, якія спрыяюць лёгкаму запамінанню.
Хадзіў певень па капусце,
Насіў сон у белай хусце,
Усім дзеткам прадаваў,
А Алёшку дарма даў.
Або вось гэта:
А-а, а-а, люлі,
Каток без кашулі.
А котачка ў лесе
Кашульку прынясе.
Там красёнцы ткала,
І кудзельку прала,
На сонцы бяліла,
На ветры сушыла.
Кашульку пашыла,
Катку падарыла...
Шмат каму гэтыя караценькія творы могуць падацца занадта прымітыўнымі - як жа, парныя рыфмы, аповед пра штодзённыя заняткі, ды яшчэ ў выкананні хатніх жывёлак - ката, пеўніка...
Па сутнасці сваёй, калыханка -гэта "сваячка" замовы, твора, які мае ў сабе элементы магіі. У адрозненне ад калыханак некаторых іншых народаў, дзе гэтыя элементы маюць тэкставае выражэнне, у беларускіх калыханках мелодыка замовы сканцэнтравана ў інтанацыі, у самой мелодыі, а не ў змесце верша.1
Калыханкі - першыя для дзіцяці ўзоры мастацкага слова. Скажаце, занадта высока сказана пра гэткія простыя творы? Аднак не трэба забывацца, што творы гэтыя разлічаны на слухача, для якога кожная рэч - сапраўднае адкрыццё. Навакольны свет у іх падаецца ў вобразах, даступных і зразумелых дзіцяці. Сон, дрымота - гэта або нейкія жывыя істоты, або штосьці, што можна памацаць, прынесці ў кошыку ці хустцы (часцей белай):
Ходзіць кот па сенажаці, // Кліча сон ён да дзіцяці. // Ой, сонечку-галубочку, // Прыспі маю Ганулечку.
Ходзіць сон каля вакон, // А дрымота каля плота. // І пытае сон дрымоту: // - Дзе мы будзем начаваць? // - Дзе хацінка цяпленька, // Дзе дзетачка маленька, // А мы пойдзем начаваць // І дзяцінку калыхаць.
Ходзіць певень па капусце, //Носіць сон у белай хустцы.//Ўсенькім дзецям прадаваў,//А Ганульцы дарма даў.
Хадзіў коцік па плотку, // Збіраючы дрымотку. // Каток з плотку зваліўся // І дрымотку забыўся. А-а, а-а, люлі, // Люлі-люлі-люлі, // А-а, а-а, спаці, // Я буду люляці.
Найчасцей героем калыханак бывае кот (котачка). Без ката не абыходзілася ніводная хата, дзе-нідзе ката сапраўды клалі ў люльку, каб пасля дзіцяці ў ёй добра спалася. Яго клічуць, дапамагчы закалыхаць дзіця - каго ж яшчэ прасіць падзяліцца досведам з малянём, як не істоту, якая спіць да 20 гадзін на суткі!
На каточка вуркотаю, // На дзіцятка дрымотаю. // Прыйдзі, каток, начаваць, // Дзіцятачка калыхаць. // На каточка вурката, //На дзіцятка дрымата. // Засні, засні, ціха спі.
- А ты, каток шэры, // Прыйдзі павячэраць, // Будзеш у нас начаваць, // Малу Галю калыхаць.// - Ой, не прыйду, не прыйду, // Я сабакі баюся. // - Я сабаку навяжу, // Лусту хлеба палажу.
Аднак коця не толькі закалыхвае дзіця - ён набывае (або знаходзіць) дзіцяці розныя рэчы, дапамагае па гаспадарцы:
Люлі-люлі, кот шэры, // Ды замяці нашы сені, // Ды замяці нам хатку, // Дам катку заплатку. //Куплю катку боты // Не сваёй работы, // Хоць недарагія - // За два залатыя.
Пайшоў каток пад масток, // Злавіў рыбку за хвасток. // Ці самому з'есці, // Ці малой аднесці? // А я разок укушу // І маленькай аднясу.
А часамі коцік і шкодзіць:
Скочыў каток у куток
І скраў нітак маток.
А ты коце-варкоце,
Чаго сядзіш на плоце?
Ой, будзем ката біці,
Нашто ўкраў нам ніці,
Ой, зажэнем, зажэнем да гумна малаціці,
Лапкамі заграбаці,
А хвастом замятаці.
Праўда, гэтыя шкоды яму больш-менш прабачаюць. Па-сапраўднаму кату дастаецца тады, калі ён перашкаджае дзіцяці спаць, ад чаго яго перасцерагаюць:
Люлі-люлі, коцік,
Не хадзі, па плоце,
Не хадзі па печы,
Буду біці ў плечы,
Не хадзі, па лаўцы,
Буду біці па лапцы.
Не тапчы падушкі,
Буду драці за вушкі,
Не хадзі па хаце,
Не будзі дзіцяці...
Але значна часцей ката крыўдзяць дарэмна:
А-а-а, каточак,
Злізаў бабчын мядочак.
Сама бабка злізала
На катка сказала.
А яшчэ ён часамі падае з печы, яму аб'ядаюць хвосцік мышы, у яго адбіраюць лапцікі, анучы, паясок, каб аддаць дзіцяці... Карацей, таварыства абароны правоў жывёлаў у нашых вёсках яўна не дзейнічала. Аднак на гэтым пералік сумных здарэнняў у беларускіх калыханках збольшага сканчваецца. Нават няўдачы ката ці верабейкі падаюцца ў жартоўнай форме, з'яўляюцца для малога першымі (разам з забаўлянкамі) узорамі гумару. Калыханкамі не палохаюць дзіця, у іх адсутнічае страшная фантастыка, што гэтак часта сустракаецца ў казках. Нават "шэранькі ваўчок, што ўхопіць за бачок" у беларускія калыханкі прыходзіць вельмі рэдка. Замест гэтага, каб дзіця не клалася "на краю", прыводзяцца лагаднейшыя аргументы: А то з краю упадзеш, // Ручку, ножку разаб'еш...або Прыйдзець шэранькі каток, // Драпнець Янку за бачок.
Дый паглядзіце на герояў калыханак. Акрамя ката, у іх сустракаюцца гулі (галубы), куры, певень, конік, цяляты, зайчык, верабей... Галубы - сімвал пяшчоты, чысціні, акрамя таго, магчыма, вуркатанне гэтых шчадралюбных птушак, як і вуркатанне ката, нейкім чынам асацыявалася з закалыхваннем. Усе астатнія вобразы - таксама рэальныя, блізкія, з ліку тых, з якімі малое сустракалася вельмі рана. (Гэта цяпер паспрабуй адшукай жывога пеўня ці зайца, каб паказаць гарадскому дзіцяці...) Адбор лексікі таксама вельмі дакладны. Прагрэсіўныя мамы могуць мне нагадаць, што сучасныя лагапеды не рэкамендуюць чытаць вельмі маленькім дзецям творы, перанасычаныя памяншальна-ласкальнымі варыянтамі словаў. У калыханках прысутнічае вялікая колькасць словаў з памяншальнымі суфіксамі, але яны ў большасці сваёй аднатыпныя: каток, лясок, мядок, малачко, лапкі, а варыянты кшталту "вачаняты" (што маё дзіця дагэтуль спявае як "качаняты") не сустракаюцца. Таму калыханкі не перашкаджаюць развіццю мовы дзіцяці, а наадварот, спрыяюць развіццю як кругагляду, так і слоўнікавага запасу маленькага чалавечка.
Гулі, курачкі апякаюць маляня, прыносяць падарункі, гадуюць, забаўляюць. А часамі і дзіця таксама частуе сваіх апекуноў:
Люлі-люлі-люлі, // Прыляцелі гулі, // Селі на варотах // У чырвоных ботах, // Сталі гуркатаці. // А чаго ж вам даці? // Ці ячменю жменю, // Ці гароху троху, // Ці жыта карыта, // Ці бобу каробу?
Люлі-люлі-люлі, // Прыляцелі куры, / Селі на варотах // У чырвоных ботах, // Сталі сакатаці. // Няма чаго даці. // Трэба даць ім грэчкі, // Каб неслі яечкі. // Куркі грэчкі не ядуць // І яечак не нясуць.
Здараецца, што ў калыханках згадваюцца і болей сур'ёзныя рэчы: Люлі-люлі-люлясі, // Пабіліся два Ясі. // За якую прычыну? // За пекную дзяўчыну.
А-а, люлі, // Не маю кашулі. // -- Чаму не напрала? // -- Лёньку калыхала. // -- Чаму не пашыла? // -- Лёнечку насіла.
Часта маці спалучала закалыхванне дзіцяці з нейкай іншай працай, напрыклад, сядала прасці. Тады рытм калыханкі прыстасоўваўся да рытму працы:
Люлі-люлі люляшу,
Я дзіцятка калышу,
Нітачку звіваю,
Песеньку спяваю.
Што выведу нітку
Камару на світку
Астануцца кончыкі
Камару на штончыкі.
Мама можа мяняць тэмп спеву таксама ў залежнасці ад настрою дзіцяці: больш энергічна ды гучна закалыхваюць дзіця, гатовае расплакацца, павольней, цішэй, лагодней - малое, што амаль ужо заснула. Аўтарскія калыханкі паддаюцца гэткім зменам цяжэй: паспрабуйце праспяваць у паскораным тэмпе "Спи, моя радость, усни!"...
Чаму ж большасць маладых беларускіх мам гэтак рэдка спявае сваім дзеткам народныя калыханкі? Звычайна адказваюць: няма часу, не ведаем словаў, не ведаем музыкі, майму малому яны не падабаюцца і да т. п. Прычым зазвычай усе гэтыя рэчы згадваюцца ў комплексе. Адзіны сапраўды смешны аргумент - гэта адсутнасць часу. Паспрабуйце заўважыць па гадзінніку, колькі ў вас часу сыходзіць на тое, каб закалыхаць малое без песні. Калі дзіця засынае каля вашых грудзей - гэта можа быць і пяць хвілін, і менш, я згодная. Але ў іншым выпадку песенька толькі дапаможа скараціць час, што сыходзіць на закалыхванне. І нават, што датычыць груднічка - што вы будзеце рабіць, калі адвучыце дзіця ад груднога малака?
Ваша дзіця не любіць калыханак? Няма маленькіх дзетак, якія не любяць музыку! Хутчэй проста ў вас пакуль не атрымалася знайсці "сваю" калыханку. Спрабуйце розныя мелодыі, мяняйце тэмп, як гэта рабілі нашы бабулі. Вы лічыце, што ў вас няма голасу, слыху, музычных здольнасцяў? Калі наспеўваць ціха, іншыя сямейнікі гэтага не заўважаць, а для дзіцяці ваш спакойны голас - у любым выпадку найлепшая музыка. Або можна проста спяваць-распавядаць калыханку рэчытатывам.
Немаўляты ў асноўным "выбіраюць" пэўную мелодыю, само гучанне калыханкі, словы для іх маюць менш значэння, часамі дастаткова чатырохрадковай песенькі з паўторамі. Але па-першае, вам самім надакучыць паўтараць ў кола адно і тое ж, а па-другое, выхаванне і развіццё інтэлекту дзіцяці пачынаецца з моманту нараджэння, а што калыханкі гэтаму спрыяюць, думаю, вы пераканаліся.Калі ваша дзіця прывучылася засынаць пад нейкую пэўную мелодыю, вы можаце нанізваць на яе тэксты іншых калыханак - нашы продкі таксама гэтак рабілі. Можаце наспеўваць нават нейкія дзіцячыя вершыкі. Пасля, чытаючы малечы гэтыя вершыкі ўжо з кнігі, будзеце радасна дзівіцца, чаму ваша дачушка гэтак добра і хутка іх запамінае. Дзеткі старэйшага ўзросту прывязваюць больш увагі да словаў, ім падабаюцца больш доўгія сюжэтныя калыханкі.
Калі вам больш падабаецца матыў, на які вы звычайна спяваеце люлі-люлі цяпер, і вы проста хочаце далучыць да яго словы, няма бяды. Наўрад-ці гэта тры блатныя акорды. Хутчэй за ўсё, гэта таксама мелодыя, выцягнутая з глыбіняў падсвядомасці. І нават калі вы не верыце ў сілу калыханак - галоўнае, што яны дзейнічаюць. Так што спявайце на здароўе. Салодкіх сноў і добрага здароўечка вашаму маляняці!
СПЯВАЙЦЕ ДЗЕЦЯМ ПЕРАД СНОМ! СПЯВАЙЦЕ, ЯК МОЖАЦЕ. НА ЛЮБЫ МАТЫЎ, ЗРУЧНЫ ДЛЯ ВАС. ГАЛОЎНАЕ - З ЛЮБОЎЮ. НЯХАЙ ВАШЫ ДЗЕЦІ ТАКСАМА ВЫВУЧАЦЬ КАЛЫХАНКІ, ПЕСНІ І БУДУЦЬ СПЯВАЦЬ СВАІМ ЛЯЛЬКАМ. ГЭТА ІМ СПАТРЭБІЦЦА, КАЛІ ЯНЫ САМІ БУДУЦЬ МАМАМІ І ТАТАМІ.
Крыніца: https://nsportal.ru/detskiy-sad.
Выхавальнік Ж.М.Шыліна